І́НДЭКС УЗРО́ЎНЮ ЖЫЦЦЯ́,
паказчык, што адлюстроўвае якасныя адносныя змены матэрыяльнага дабрабыту, сац. і культ. кошту ўмоў жыцця насельніцтва ў сувязі са зменамі цэн на тавары і паслугі. Вызначаецца даходамі насельніцтва, якія падзяляюцца на сукупныя, намінальныя, распараджальныя, канчатковыя, рэальныя. Абагульняльным паказчыкам узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго матэрыяльных і духоўных патрабаванняў з’яўляюцца рэальныя даходы насельніцтва, што характарызуюць колькасць матэрыяльных даброт, якія набыты на гэтыя даходы і выкарыстоўваюцца ў выніку атрымання платных і бясплатных паслуг. Іх узровень залежыць ад памераў канчатковых даходаў насельніцтва, што атрымліваюцца за пэўны прамежак часу (сукупных даходаў за вылікам з іх падаткаў, розных грашовых збораў, узносаў і інш. абавязковых плацяжоў) і цэн на прадметы спажывання і паслугі. Пры росце даходаў і нязменным узроўні цэн рэальныя даходы насельніцтва павялічваюцца, а пры нязменным памеры даходаў і росце цэн зніжаюцца. Змяненне ўзроўню рэальных даходаў насельніцтва вымяраецца індэксам рэальных даходаў насельніцтва, які вызначаецца суадносінамі памераў гадавых рэальных даходаў насельніцтва ў цэнах базіснага перыяду. У выпадках, калі грашовыя расходы насельніцтва на пакупку тавараў, аплату паслуг павялічваюцца больш хуткімі тэмпамі, чым рэальныя даходы, мае месца рост цэн і, як вынік, зніжэнне І.у.ж. Павелічэнне расходаў на падтрыманне фіксаванага ўзроўню жыцця выклікае неабходнасць прыняцця кампенсацыйных мер, што выяўляецца ў індэксацыі даходаў. Гл. таксама Індэкс кошту жыцця.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)